Вяскоўца судзяць за лозунг «Зямля — сялянам. Калі?»



У судзе Кобрыньскага раёна разглядаецца адміністрацыйная справа жыхара вёскі Малыя Прылукі Сцяпана Дубчука. Яго абвінавачваюць у правядзенні пікета 7 лістапада, калі ён выйшаў на дзяржаўнае мерапрыемства па адзначэнні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі са сваім лозунгам: “Зямля – сялянам. Калі?”.

Шмат гадоў Дубчук просіць выдзеліць яму 3 гектары зямлі для вядзення дапаможнай гаспадаркі, але ўлада адмаўляе. Пасля агучвання ў прэсе праблемы за вяскоўца ўзяліся органы міліцыі. Справа дайшла да суда.

Кажа Сцяпан Дубчук:

Пратакол склалі нібы я арганізаваў масавае мерапрыемства: пікет. Хоць пікета я не арганізоўваў. Я хацеў адсвяткаваць народнае свята. Тым больш, то мітынг і ускладанне кветак былі дазволеныя Гарвыканкамам. Пад гэтым лозунгам ужо сто гадоў розныя палітыкі прыходзяць да ўлады і ўсе абяцаюць зямлю, як і барацьбу з карупцыяй, і таксама прыходзяць да ўлады. Аднак, ані першае, ані другое не здзейсняецца.

Сцяпан Дубчук селянін у 5 калене. На дадзеным этапе гаспадараць з маці на 3 гектарах, выдзеленых маці. Яны пасадзілі там сад з грэцкіх арэхаў, абрыкосаў і чарэшні. Сцяпан хацеў бы пашырыць справу. І для гэтага мець свой надзел зямлі. Але замест зямлі атрымаў лаву падсудных у Кобрыньскім судзе.

Беларускае Радыё Рацыя