Вяскоўцы адваявалі возера і лес



Вяскоўцы ў Івацэвіцкім раёне адваявалі бясплатнае наведванне Выганашчанскага возера, лесу і канала Агінскага. Такі адказ яны атрымалі з Адміністрацыі прэзідэнта пасля таго, як туды была накіравана скарга з подпісамі больш 70 чалавек. Людзей абурыла рашэнне кіраўніцтва Белавежскай пушчы пасля аб’яднання з мясцовым лясгасам зрабіць платнымі стаянку, возера і лес.

Быў пастаўлены шлагбаум, заязджаць за які бясплатна не дазвалялася, кажа шматдзетны бацька з Целяхан Аляксандр Іваноў:

Бралі аплату на незаконных падставах пад выглядам экскурсій. І кіраўніцтва Белавежскай пушчы з прэйскуранта цэн прыбралі гэтую паслугу. Цяпер можна паехаць на возера і ў лес свабодна, за шлагбаум, аплата ўжо не бярэцца за гэта. Таксама раней бралі аплату за тое, што на сваёй лодцы будзеш плаваць па возеры. Цяпер і яе адмянілі.

Паводле Аляксандра Іванова, плата адменена і за возера ў Бабровічах. Парэкамендавана кіраўніцтву Белавежскай пушчы акультурыць стаянкі для аўтамабіляў і лодак. Ёсць у людзей яшчэ канкрэтныя пытанні па межах тэрыторый, што будзе высветлена ў запытах да кіраўніцтва пушчы.

Беларускае Радыё Рацыя