Вяскоўцы: Катлы трэба мяняць? А за што?



Патрабаванне Бярозаўскай газавай службы да 1 верасня памяняць газавыя катлы, якія выпрацавалі свой 20-цігадовы тэрмін, выклікала абурэнне ў вяскоўцаў.

вёска Кабакі

Жыхары вёскі Кабакі не жадаюць мяняць катлы, якія працуюць яшчэ добра. Яны не давяраюць якасці новых катлоў, што прапаноўваюць газавікі.  Лічаць, што такім чынам хочуць разгрузіць склады з неліквідам.

Люба Кабачук

Сапсаваны кацёл людзі самі мяняюць, без указання службаў, кажа 78-гадовая спадарыня Люба Кабачук:

– У мяне быў стары кацёл і ўжо прапускаў газ. Я раз вызвала аварыйную службу, два вызвала, газ усё роўна чуваць, а за ўсё трэба плаціць увесь час. Пяць гадоў таму памяняла кацёл.

Мікалай Васільевіч

Мікалай Васільевіч:

– Да мяне прыходзіў спецыяліст і правяраў катла. Паглядзеў прыборам, усё добра, ніякіх праблем няма. Але сказаў, што ў сувязі са смяротным выпадкам у Бярозе па прычыне эксплуатацыі старога катла, усім трэба памяняць.

Вячаслаў Білібуха

Вячаслаў Білібуха:

– Такая самая карціна. Зайшлі, сказалі, што ў мяне ўстарэў кацёл. У мяне кацёл Каўнаскай вытворчасці, выпуск 1988 г. Ніякіх праблем з ім не было. Аварыйку ніколі не выклікаў. Аўтаматыка спрацоўвае. Нахабна заходзяць і кажуць, памяняць кацёл, памяняць калонку, хаця яно ўсё працуе. Там, як кажуць, варона дзесьці ляцела, каркнула – гэта сігнал: трэба мяняць. Калі там здарылася нейкі надзвычайны выпадак – гэта віна гаргаза. Яны тэхабслугоўванне праводзяць толькі з фінансавых мэтаў: прыйшлі – распішысь. Каля крана прайшлі. Праверылі, усё добра. Гэта не тэхабслугоўванне. Каб была безаварыйнасць, трэба мець добрае, якаснае дэталёвае тэхабслугоўванне. Трэба нешта замяніць, астаўце паперу, мы купім, пастаўце, заплацім.

Начальнік службы эксплуатацыі Алег Галуц:

– 20 гадоў – гэта лічба прапісана в правілах карыстання газам у быце.

Абсталяванне можа выкарыстоўвацца да тэрміну, напісным у пашпарце завода-выпрацоўшчыка. Служба эксплуатацыі, звычайна 10-12 гадоў, але не больш 20 гадоў, нават калі гэты кацёл залаты. Кругом усё заўсёды мянялі. Проста дзесьці крышачку ішлі на саступкі, давалі даўжэй папрацаваць. Але сталі часцейшымі выпадкі выхаду са строя катлоў, калі здараліся нават смяротныя зыходы, таму вымушаны прывесці ўсё згодна нарматыўных дакументаў.

Вячаслаў Білібуха:

– Я чыгунны кацёл ніколі не памяняю. Калі я будаваўся, я яго доўга шукаў. Простыя катлы каштавалі тады 80-120 рублёў, я заплаціў 260. Гэта чарговае “выдушванне” грошай з гаргазу, чарговая падтрымка. Тут трэба праект, пажарнікі, тут трэба ўсё па-новаму і ўсім плаці.

Аляксандр Зубелевіч:

– Калі па-спраўднаму, то кацёл не 20 гадоў робіць, бо ў цёплыя месяцы ён стаіць адключаны. У новых катлах гарантыя толькі 4 гады- 5. Некаторыя паставілі, і ўжо праз 5 гадоў выходзяць са строю. Трэба новы купляць. На гэтым пабудаваны бізнэс тых, хто займецца выпускам катлоў. Зараз сталі рабіць колькасць, а не якасць.

 Вячаслаў Білібуха:

–     Невядома, што нам Расея з газам выдасць. Яна ўсё роўна “выдушыць” аплату 100 %. Зімой я перавяду гэты свой кацёл на цвёрдае топліва. Калі буду мець час, буду тапіць брыкетам, дрывамі. А запаралеліць энерганезалежны кацёл. Няхай яны нам не пхаюць энергазалежныя катлы, якія цякуць. З нашых базаў панабіралі неліквідаў і пхаюць іх у вёскі. Толькі не энергазалежныя. У нас энергія падыходзіць  амаль да коштаў газу. Зараз пры энергазалежным катле плаціш колькі за святло, што ён працуе, і колькі ты плаціш за газ. Няхай палічаць яны, ці выгадна мне такі кацёл купляць. У мяне гэты кацёл у моцныя марозы наматвае 500 кубоў толькі і энерганезалежны пры гэтым, як і калонка. І я выкіну яго, а потым што буду рабіць? Святло патухне, бегаць буду?

Спадар:

– Новы кацёл з устаноўкай 10-12 мільёнаў каштуе. Для калгасніка гэта недаступна.

Спадар сярэдняга веку:

– У калгасе на кацёл зарабіць? Гэта абсурд.

Мікалай Васільевіч:

– У мяне пенсія 2 700 000. Палічыце, колькі мне трэба не есці.

РРЯк сабраць грошы? 

Мікалай Васільевіч:

– Пад мост трэба ісці ці пад царкву на паперць. (смяецца). У калгаснікаў дзе тут гэтыя грошы. А не памяняеш – адрэжуць і ўся праблема. А ты жыві, як хочаш.

Вячаслаў Білібуха:

– Калі б у мяне дазваляў заробак, я б што іншае купіў. У Польшчы можна якасны энерганезалежны кацёл купіць. Але ў вёсцы працуючы не заробіш.

 Аляксандр Зубелевіч:

– Такі абразец, як маю, хачу яшчэ купіць, будзе стаяць у рэзерве. У мяне ж і печкі працуюць на ўсякі выпадак. Але хачу заказаць у Расеі. Ён будзе танней і якасней. А калі ў нашых газавікоў купляць, патрэбна пераварваць усю сістэму. А праз 5 гадоў зноў новы кацёл купляць? То лепш я куплю такі кацёл, які зноў паслужыць мне 20 гадоў.

Паводле вяскоўцаў, праблема  не ў тым, што трэба мяняць катлы, галоўная праблема: за што іх мяняць. 10-12 мільёнаў, што трэба вылажыць за замену катлоў, непад’ёмныя для многіх жыхароў вёскі грошы.

Беларускае Радыё Рацыя