Вяскоўцы: Вывесіла сцяг на пасмешышча
Не часта, але прыязджае ў родную вёску Казловічы Зэльвенскага раёна з Менску Баярчук Таццяна.
Вядома ж, кліча маленькая радзіма, сустрэча з землякамі. Вось і сёлета ў чэрвені завітала спадарыня Баярчук да землякоў у бацькоўскую хату. І адразу здзівіла ўсіх суседзяў і вяскоўцаў сваім учынкам. На роднай хаце яна вывесіла вялікі чырвона-зялёны сцяг. Тутэйшыя людзі просяць, каб зняла сцяг, бо ўжо ўсе смяюцца. “Навошта ты яго вывесіла?!”, — пытаюцца ў яе землякі. Але жанчына стаіць на сваім і сцяг не здымае.
Баярчук жыве ў Менску, яна – прапаршчыца. Вяскоўцы жартуюць: “Мусіць, служыць на Акрэсціна, калі вывесіла гэты сцяг”.
Спадарыня Баярчук папрасіла роднага брата, каб скасіў траву каля хаты, але брат паставіў умовы: “Здымі гэты сцяг, тады прыеду і скашу. А то павесіла яго і выставіла ўсіх нас на пасмешышча”. Сцяг пакуль так і вісіць.
Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
