Вясковая беларуская школа можа стаць рускамоўнай



Над беларускамоўнай школай у вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна ўзнікла пагроза пераводу яе ў рускамоўную. І стацца гэта можа не з ініцыятывы ўладаў, а некаторых бацькоў.

Маладая жанчына, настаўніца беларускай мовы  Юля Папко, якая выпраўляе сёлета сына ў школу, сабрала дастаткова подпісаў для правядзення сходу ў гэтым пытанні. Але падняўся супраціў у інтэрнэце і ў самой вёсцы, як кажа маці чацвярых дзяцей, сябра  Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Куіс:

– Наша Юля – ініцыятар усіх гэтых подпісаў. Яна настаўніца, але ёй не давялося працаваць. У яе сынок пойдзе ў гэтым годзе ў першы клас. І яна вырашыла, што яе сыночку будзе лепш вучыцца ў рускамоўнай школе, бо зараз яна беларускамоўная.

Паколькі моладзь наша пераважна рускамоўная, у ВНУ – руская мова, яна вырашыла, што нам не патрэбна беларускамоўная школа. Навошта беларуская мова, калі дзецям пасля і паступаць будзе лягчэй, бо там расейская мова?..

Вось яна і пайшла, назбірала подпісаў (працэнтаў 70%). Калі сабраўся сход, то ў школу прыйшло чалавек шэсць. На гэтым усё і скончылася. Тэма закрыта. Як будзе далей – пабачым.

Мая дачушка пойдзе ў трэці клас. Яна на алімпіядзе па беларускай мове заняла 3 месца. Маю яшчэ 2 старэйшых дзяцей, якія скончылі школу. І ім не замінала гэта паступаць. Я не бачу тут праблемы. Таму я супраць пераводу школы на расейскую мову.

Як толькі Юля пачала гэту справу, я адразу ёй сказала, што гэтага не будзе.  Ёй цяжка было пасля таго, як пачаліся каментары. Ну, пахадзілі яны, пазбіралі подпісы. Я адразу адмовілася. Але ў чымсьці я яе разумею: яна сказала, што не супраць беларускай мовы, але трэба мяняць сістэму – няхай ВНУ будуць на беларускай мове. І ў гэтым я яе падтрымліваю. Калі дзеці выходзяць з беларускамоўнай школы, то і ісці далей павінны ў беларускамоўныя ВНУ.

Паводле прадстаўніка сацыял-дэмакратаў Валянціна Лазарэнкава, які дапамагаў вяскоўцам бараніць школу,  вялікая пагроза “рускага свету” – ужо на парозе, калі ўлада не ліквідуе свае памылкі датычна статусу роднай мовы тытульнай нацыі.

Дапамаглі тут сацыяльныя сеткі. Калі б не пачалі пісаць петыцыі ў міністэрства, калі б беларускамоўныя людзі не падтрымалі, нічога не атрымалася б. Так ужо сталася, што пасля беларускамоўнай школы ідзе разрыў: няма ні дзяржаўнага ўніверсітэта беларускамоўнага, ні факультэтаў, якія працавалі б толькі на беларускай мове. Але калісьці ж усё гэта было. Яшчэ ў 90-х гадах было прынята рашэнне, што выкладчыкі могуць, калі жадаюць, выкладаць па-беларуску. У нашых ВНУ мусяць быць беларускамоўныя патокі.

Беларускае Радыё Рацыя