Вясковец дамогся пакарання ўчастковых
Жыхар вёскі Малая Сваротва Іван Афанасік дамогся пакарання ўчастковых Баранавіцкага РАУС Сяргея Бучы і Віталя Раманюка.
Як паведамілі з Баранавіцкай пракуратуры, участковыя пазбаўлены месячных прэмій за валакіту справы збіцця “новымі” беларусамі Афанасіка.
Але гэтага пакарання недастаткова для людзей у пагонах. Яны цынічна заплямілі гонар афіцэра міліцыі. Непасрэднае начальства і абласное спрабавала іх выгарадзіць, кажа Іван Афанасік:
– Я з імі па дадзенаму пытанню з ліпеня вяду перапіску, звяртаўся нават ва УУС Берасцейскага аблвыканкама. Яны перакінулі ў РАУС, далі адказ, што быццам бы не ўгледжваецца ў іх дзеяннях правапарушэнне. Наколькі мне вядома, адзін і другі неаднаразова заўважаныя ў здзяйсненні падобнага. Людзі здзіўляюцца, як такіх яшчэ там трымаюць.
Івану Афанасіку неаднаразова давялося звяртацца ў Баранавіцкую пракуратуру. І толькі пасля звароту на наша радыё і агучвання яго праблемы, ён неўзабаве атрымаў больш-менш задавальняючы адказ з пракуратуры. Афанасік упэўнены, што гэта не супадзенне.
Беларускае Радыё Рацыя