Вясковец судзіцца з міліцыяй
У судзе Івацэвіцкага раёна пачаўся судовы працэс па іску ўладальніка дапаможнай гаспадаркі ў вёсцы Воля Івацэвіцкага раёна Антона Іванова да супрацоўнікаў Івацэвіцкага РАУС. Ён патрабуе кампенсацыі 5000 рублёў за маральную шкоду.
Іваноў незаконна адсядзеў суткі ў ізалятары часовага ўтрымання нібыта за дробнае хуліганства, хоць быў выкліканы ў міліцыю па крымінальнай справе, якую не здзяйсняў, кажа Антон Іваноў:
– Я не лаяўся матам, я не размахваў рукамі, а спакойна, адэкватна сябе паводзіў, быў цвярозы. Але ўсё роўна трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Захочуць – зробяць цябе вінаватым. У гэтай сітуацыі яны пагражалі, лаяліся матам.
Прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей лічыць такія дзеянні міліцыянтаў неправавымі і нізка прафесійнымі:
– Трэба затрымаць, але як? Па крымінальнай справе няма падстаў, то давай яго па адміністрацыйнай справе.
Суд працягнецца 25 красавіка.
Паводле прававога інспектара Уладзіміра Малея, гэта далёка не першы скандал у рэспубліцы з удзелам міліцыянтаў. Толькі ў Берасцейскай вобласці каля дзясятка выпадкаў, калі работнікаў міліцыі прыцягваюць да крымінальнай адказнасці.
Беларускае Радыё Рацыя