„Вясна” выступіла з заявай адносна Эдуарда Пальчыса (абноўлена)



“Вясна” патрабуе забяспечыць працэсуальныя гарантыі і правы затрыманага блогера Эдуарда Пальчыса. Праваабаронцы заяўляюць, што да зняволенага не дапускаюць адваката, хаця Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і міжнародныя нормы гарантуюць права на абарону, у тым ліку, на магчымасць канфідэнцыйных сустрэчаў з адвакатам, неабмежаваных па колькасці і працягласці. З такой заявай выступілі беларускія праваабаронцы, – расказала ў нашым эфіры Наста Лойка з правабаронцага цэнтру «Вясна»:

– Заява з акцэнтам на тое, што як любому зняволенамі, у дачыненні да Эдуарда мусіць быць гарантаваныя яго базісныя правы, напрыклад, на абарону. І плюс яму павінны забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання падчас следства. Гэта тое, што хацелася патрабаваць у адносінах да ўсіх зняволеных, але паколькі вакол яго вось гэты грамадскі рэзананс, мы скарысталіся магчымасцю. Такіх праблемаў з абаронай я даўно не памятаю, калі адваката не пускалі да затрыманага столькі сутак, гэта, канешне, сур’ёзнае парушэнне правоў.

Блогер Эдуард Пальчыс, вядомы сярод карыстальнікаў Інтэрнэту як Джон Сільвер, затрыманы ў Расеі і экстрадаваны ў Беларусь. Ён абвінавачваецца ў распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў.

* * *

Эдуард Пальчыс – палітвязень ці не? Над гэтым пытаннем дыскутуюць беларускія палітыкі і праваабаронцы.  „Праваабаронцы з «Вясны» ў пытанні надання статуса палітвязня кіруюцца крытэрыямі, якія распрацаваныя для многіх краінаў,” – патлумачыла у нашым эфіры Наста Лойка. Паводле яе, абвінавачванні Пальчыса не адназначныя.

– Артыкул, звязаны з распальваннем варожасці, – гэта такая тонкая складаная матэрыя, яе трэба вельмі дакладна вывучаць. Трэба разумець, якія канкрэтна фразы, у якім кантэксце чалавеку ставіцца ў віну. І тут можа быць усё што заўгодна. То бок маглі быць рэальныя фразы, якія распальваюць варожасць, таму мы збіраемся ўважліва адсочваць, каб потым прыйсці да нейкіх высноваў. Мы будзем гэта рабіць з дапамогай экспертаў з Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя