“Вясна” запрашае на анлайн-выставу “Чарнобыльскі шлях, 30 верасня 1989 года”
Адкрыццё анлайн-выставы архіўных фотаздымкаў “Чарнобыльскі шлях, Менск, 30 верасня 1989 года” адбудзецца ў аўторак, 9 лютага. Аўтар фотаздымкаў – вядомы мінскі фатограф Уладзімір Сапагоў.
Выставу, арганізаваную па ініцыятыве Праваабарончага цэнтра “Вясна”, прэзентуюць непасрэдныя ўдзельнікі тых гістарычнай падзей, якія адлюстраваныя на гістарычных ужо фотаздымках.
Фотарэтраспектыва дасць магчымасць зрабіць падарожжа ў часе і патрапіць у 30 верасня 1989 года, калі ў Мінску адбылося першае шэсце “Чарнобыльскі шлях”, прысвечанае наступствам катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
У той дзень на Плошчы Леніна (цяпер – Незалежнасці) прагучалі прарочыя словы пісьменніка Алеся Адамовіча:
“Чарнобыль звязаны не толькі з вялікай хлуснёй, але і з наўпроставымі злачынствамі, службовымі злачынствамі. І безумоўна, мы прыйдзем усе да экалагічнага Нюрнбергу. Гэта непазбежна ў нашай краіне”.
Выставу падрыхтавалі: Паліна Сцепаненка, Таццяна Мастыкіна, Алесь Бяляцкі.
Пачатак прэзентацыі 9 лютага ў 19-00 на анлайн-пляцоўцы ў Zoom па спасылцы.
Чарнобыльскі шлях, Менск, 30 верасня 1989 года. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў.
Фотарэтраспектыва пераносіць гледача ў 30 верасня 1989 года, калі ў Менску адбылося першае мірнае масавае шэсце Чарнобыльскі шлях.
Генадзь Грушавы (1950-2014), адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляха 30 верасня 1989 года, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 і 13 скліканняў, стваральнік і кіраўнік фонду „Дзецям Чарнобыля” згадваў:
“Зразумелая справа, што перад пачаткам Шляху мы баяліся, што могуць быць ускладненні, нават да сілавых дзеянняў і нават былі ўпэўненыя, што ўлада не дасць проста так прайсці па ўсім праспекце ад парку Чалюскінцаў да плошчы Леніна, дзе знаходзіліся будынкі Саўміна і Вярхоўнага Савета БССР. У той дзень бачыў, як сцягваліся войскі, пад’язджалі пажарныя машыны і аўтобусы з міліцыяй і, натуральна, хваляваўся, але калі ўбачыў, як шырокім патокам людзі збіраюцца да месца пачатку шэсця, раптам зразумеў, што нічога ўлада не зможа з намі зрабіць, што Чарнобыльскі шлях адбудзецца. А калі да калоны дэманстрантаў па маршруце руху раптам цалкам спантанна сталі далучацца людзі і людская плынь пад бел-чырвона-белымі сцягамі, харугвамі і вымпеламі з чорнымі лічбамі радыяцыі тых ці іншых раёнаў стаў вельмі хутка павялічвацца, з’явілася ўпэўненасць і радасць, што ўсё атрымалася. Абсалютная большасць грамадзянаў выйшла на Шлях па прычыне нязгоды з палітыкай дзяржавы па чарнобыльскім пытанні. Па сутнасці, народ патрабаваў ад ўладзе: „Скажыце нам праўду! Мы баімся за нашых дзяцей!”. Можна сказаць, што менавіта 30 верасня 1989 года ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі праявіліся народнае свядомасць і воля, грамадзянская свядомасць і актыўнасць мас. А гэта і ёсць пачатак будаўніцтва грамадзянскай супольнасці. Людзі звярнуліся да ўлады з прамым пытаннем: „Навошта вы нас падманваеце? Мы не дазволім!”.
Беларускае Радыё Рацыя