„Выбары скарыстаем для вырашэння жыццёвых праблем”



Беларуская апазіцыя зноў не прыйшла да адзінага рашэння адносна ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца восенню 2016 года. Хаця часу засталося вельмі мала.

Намеснік старшыні Берасцейскай абласной сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што трэба выкарыстоўваць выбары як палітычную кампанію, накіраваную на дапамогу насельніцтву ў рашэнні бытавых праблем.

– У рамках заканадаўства мінімум тры месяцы мы можам праводзіць сустрэчы з грамадзянамі, мітынгі, пікетаванні, рабіць запыты да ўладаў. Выкарыстоўваем мы гэтую кампанію для таго, каб вырашыць шэраг пытанняў, звязаных з мясцовымі жыхарамі на той тэрыторыі, дзе ідзе той ці іншы кандыдат.

Паводле Валянціна Лазарэнкава, калі атрымаецца вырашыць шэраг сацыяльных і іншых пытанняў грамадзян у сваёй акрузе, лічы, што палітычная кампанія ўдалася. Трэба падымаць актыўнасць грамадзян, уцягваючы іх у рашэнне жыццёвых праблем. Адсюль прыйдзе зацікаўленасць вынікамі выбараў і актыўны ўдзел у іх. Іншага мірнага шляху пераменаў, на думку Лазарэнкава, няма.

Беларускае Радыё Рацыя