Выбары – для актывістаў, людзей турбуе эканоміка
У Слоніме людзі, як і ва ўсёй краіне, найперш пераймаюцца сваімі эканамічнымі праблемамі, а тэма выбараў іх не цікавіць – кажуць мясцовыя актывісты.
Хоць, на думку каардынатара слонімскай суполкі стваранай партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Івана Бедкі, часта можна пачуць з боку людзей стомленасць ад цяперашняга кіраўніцтва краіны, аднак сапраўдных выбараў у краіне і так няма:
– Большасць з людзей, якія асэнсоўваюць сітуацыю, не лічаць гэта выбарамі, бо даўно вядома, што выбараў у нас ніякіх няма, усё гэта фармальна, на паказ. А фактычна, усё што запланавана – ўсё ўжо і “нарысована”. Нават сам прэзідэнт сказаў, што ніхто ўжо яго не можа памяняць, і ён усё роўна будзе прэзідэнтам.
“Пакуль не будзе змены ўлады – да таго часу не будзе выбараў”, – кажа Іван Бедка.
Прадстаўнік стваранага культурніцка-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Залаты леў” ў Слоніме Алесь Масюк кажа, што меркаванні дэмакратычных актывістаў наконт выбараў адрозніваюцца, і многія выказваюць расчараванне:
– Па-першае, на нацыянальным узроўні не атрымалася дамовіцца па адзіным кандыдаце, кожны цягне ў свой бок. Нехта кажа, што няма сэнсу ўдзельнічаць, выбараў і так няма, ўсё пройдзе па старой схеме, то бок, адныя выказваюцца за байкот выбараў. Іншыя ж кажуць, што ў кожным разе трэба нешта рабіць, бо нічога не робіш, а сітуацыі розныя бываюць, можа і няма падставаў, але сітуацыя можа раптоўна памяняцца.
Калі казаць пра настроі сярод жыхароў гораду, то іх найбольш турбуе падзенне заробкаў, а таксама ўвядзенне закона пра так званых “дармаедаў”. У Слоніме, як і ў многіх іншых рэгіёнах краіны, востра стаіць пытанне стварэння новых працоўных месцаў – дадаюць мясцовыя актывісты.
Цалкам гутарка са слонімскімі актывістамі прагучыць у праграме “Рэгіянальны кур’ер: ад Гародні – да Берасця” ў пятніцу, 5 чэрвеня, у 22.05 гадзіны паводле беларускага часу. У нядзелю, 7 чэрвеня, паўтор праграмы ў 8.05.
Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя