Выбары і выбаршчыкі ў Першамайску



Найбольшая інтрыга ў Бярозаўскім раёне пад час выбараў была на ўчастках, дзе балатаваўся незалежны кандыдат, які быў мінулую кадэнцыю дэпутатам Першамайскага сельвыканкама, Валер Білібуха.

Ён балатаваўся ў сельвыканкам і раённы савет дэпутатаў. Улада паставіла яму моцных канкурэнтаў.  І рабіла шмат захадаў, каб Білібуха не атрымаў ніводнага дэпутацкага мандата. Прыйшлося папрацаваць добра самому кандыдату, сябрам камісій ад БНФ, давераным асобам і наглядальнікам ад Валерыя Білібухі,  кажа сябра ўчастковай камісіі ў Першамайску ад партыі БНФ Анатоль Сахаруша:

— У раённы савет я папросту патрабаваў, каб мне далі паставіць свае подпісы на ўсіх бюлетэнях, каб напрыканцы я мог праверыць, што ў дзень галасавання нічога не падкінулі.

Дэпутатам  Першамайскага сельвыканкама на новы тэрмін пераабраны  Валер Білібуха. У раённы савет перамог ягоны канкурэнт — начальнік мясцовай чыгуначнай станцыі Аляксандр Марчук, які набраў на 191 голас больш. Першамайцы мала ведалі Білібуху. А за прыярытэт узялі пасаду і грошы, якія мае канкурэнт, кажуць жыхары Першамайска:

— За сваіх аднасяльчан, якіх я ведаю.

РР: За вашага начальніка?

— Так.

— Але і рабочыя не будуць за нас, бо ў яго няма грошай  яго слухаць ніхто не будзе.

РР: А вы думаеце, у каго грошы, таго і слухаюць?

— Бадай што. Там больш сувязей у іх.

— Ад мясцовых дэпутатаў нічога не залежыць.  У іх няма ані грошай, ані нічога. А калі напрыклад начальнік станцыі, дык у яго можна папрасіць нейкі трактар.

РР: І вы за яго прагаласавалі?

— Так.

На Кабакоўскім выбарчым участку людзі аддалі перавагу як у мясцовы савет, так і ў раённы баявому духу свайго кандыдата Валеры Білібухі і змаглі абараніць свой выбар.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя