Выбары ператвараюцца ў свята гандлю



У Беларусі непарушнай традыцыяй з’яўляецца арганізацыя на кожным выбарчым участку альбо побач з ім выязнога гандлю. Прадстаўляюцца не толькі харчовыя тавары, але і дробныя прамысловыя, як мыла, пральны парашок, элементы посуду.

«І абавязкова ладзяцца для выбарцаў акцыі і зніжкі», – адзначае загадчыца аднаго з харчовых таварыстваў на Піншчыне Валянціна Быцько:

– Нягледзячы на тое, што нядзеля – у нас выходны дзень, увесь гандаль у нас на выбарах працуе з 8.00 да 20.00, як і ўсе ўчасткі для галасавання. Рэалізацыя вялікага асартыменту: кандытарскіх, кулінарных вырабаў, харчовых і не харчовых тавараў. Канешне, усё гэта будзе са зніжкамі, з распродажам, з дэгустацыяй. Свята для насельніцтва.

Дарэчы, сёлета на 17-е лістапада прыпаў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, таму, па словах Валянціны Быцько, асабліва шмат будзе тавараў звязаных з аграрным сектарам.

Беларускае Радыё Рацыя