Выбары ў Бярозе: за каго скажуць, за таго і ўкіну
На двух выбарчых участках Бярозы №61 і №55 датэрмінова прагаласавала каля 19 і 20 % выбарцаў. На адным з іх у складзе камісіі – сябра ад партыі БНФ, які аддзяжурыў адзін дзень з пяці, а на другім – усе 5 дзён датэрміновага галасавання прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяржук Русецкі. Лічбы тых, хто рэальна прагаласаваў, адзначаліся ў пратаколах без прыпісак.
Прымусовай адпраўкі, як у мінулыя выбарчыя кампаніі, яўна не назіралася, кажа доўгатэрміновы назіральнік Сяржук Русецкі:
– Паколькі на нашым участку даволі шмат вайскоўцаў, то я думаў, што даволі шмат вайскоўцаў будзе на датэрміновым галасаванні. Я б сказаў, што ў форме былі, але сказаць, што гэта быў масавы характар – не скажаш, раней усё ж такі было больш.
А вось жыхарка вёскі Лясковічы, там дзе няма апазіцыйных назіральнікаў, кансультавалася ў пляменніцы, што рабіць, бо ім загадалі, каб прагаласавалі абавязкова, кажа жанчына:
– Ведаеш, што кажуць: хто не пойдзе, не прагаласуе, то хай ні за чым не звяртаецца да ўлады, бо гэта ўладу абіраем. Я кажу: цётка Манька, гэта твая свабодна воля. Дзе ўказана, што я абавязаная галасаваць? Ты ведаеш, за каго табе галасаваць? Кажа: не, не ведаю, за каго скажуць, за таго і ўкіну.
Асобную зацікаўленасць уладаў выклікала рэгістрацыя журналісткі-фрылансера і праваабаронцы Тамары Шчапёткінай у якасці кароткатэрміновага назіральніка. На 55 участак патэлефанавалі, спыталі ад каго Шчапёткіна зарэгістравалася. А затым у якасці назіральніка сюды быў прыкамандзіраваны намеснік старшыні па ідэалогіі Бярозаўскага райвыканкама Дзмітрый Зіневіч. Бярозаўскія ўлады імкнуцца ўсімі сіламі даказаць, што выбары яны праводзяць нібыта дэмакратычна.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза