Выбухі на складах у Балаклеі
Серыя магутных выбухаў прагучала ва ўкраінскім горадзе Балаклея, што ў Харкаўскай вобласці. Выбухі адбыліся а 3-яй гадзіне ночы на артылерыйскім складзе, найвялікшым ва Украіне, і працягваюцца дагэтуль. Горад з насельніцтвам амаль 40 тысяч чалавек цалкам эвакуююць. Паведамленняў пра чалавечыя ахвяры пакуль няма.
Галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціас дапускае вялікую верагоднасць тэракту.
Пра сітуацыю ў Балаклеі распавядае тамтэйшая жыхарка Марына Шкарлат:
– Я прачнулася а 3-яй гадзіне ночы ад моцных выбухаў. Думала, што навальніца. Глянула ў акно – не, неба яснае. А над горадам – зарава… Склады выбухаюць і дагэтуль. Наш дом за два кіламетры ад артскладоў. Шыбы павыляталі, тынкоўка сыплецца, шкло на гарышчы павылятала. Усё гэта страшна і сур’ёзна. Відавочна, тэракт…
Балаклея знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад зоны правядзення антытэрарыстычнай аперацыі. Артылерыйскія склады, якія знаходзяцца ў цэнтры горада, ужо спрабавалі падпаліць у 2015 годзе.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: censor.net.ua