Выдаўцы прэсы абмяркуюць стан свабоды слова ў беларускіх рэгіёнах
У Менску адбудзецца сустрэча Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы, у якой возьмуць удзел прадстаўнікі незалежных медыя з розных гарадоў Беларусі. “Не зважаючы на ўсе цяжкасці працы ў рэгіёнах і ціск мясцовых уладаў, рэгіянальная прэса знаходзіцца ў жывым стане”, – кажа выканаўчы дырэкатар асацыяцыі Ганна Ягорава:
– Гледзячы на сённяшні момант, відавочна, што цяжкасці ёсць ва ўсіх. І як ні круці, мы ўсё роўна займаемся камерцыйнай справай, акрамя таго, што вядзем грамадскую дзейнасць. У эканамічным плане мы можам паскардзіцца на недахоп унутраных рэсурсаў, праблемы са змяншэннем тыражоў рэгіянальнай прэсы. Спрабуем развіваць нашы рэгіянальныя вэб-сайты, але гэта патрабуе даволі сур’ёзных фінансавых укладанняў.
Галоўная мэта Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы – дапамагаць адзін аднаму, спрыяць развіццю ў рэгіёнах газет і сайтаў, ладзіць адукацыйныя мерапрыемствы.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск