„Выганашчанская фартэцыя – 2018”
На Івацэвіччыне, у мястэчку Выганошчы, адбудзецца чацвёрты рэканструктарскі фэст „Выганашчанская фартэцыя”. Ужо ў бліжэйшую суботу аматары даўніны з Беларусі і замежжа пакажуць мясцовым жыхарам і гасцям мерапрыемства рэканструкцыю баявых дзеянняў часоў Першай сусветнай вайны. Падрабязней кажа адзін з арганізатараў падзеі, прадстаўнік рэканструктарскага клуба „Рубеж” Андрэй Варабей:
– Паколькі стагоддзе з падзей 1918 года, то мы, акрамя пазіцыйных баёў Першай сусветнай, плануем паказаць якраз гэтае бязладдзе 1918 года, калі на нашай тэрыторыі, з аднаго боку, нямецкія гарнізоны стаялі, і ў іх былі бойкі менавіта з рознымі фармаваннямі. Вядома, што на нашай тэрыторыі, на Палессі, былі і польскія легіёны, і часткі УНР. І зноў жа, калі браць нашу тэрыторыю, гэта баі тых жа польскіх легіянераў з чырвонаармейцамі, гэта баі беларускіх фармаванняў.
„Менавіта ў цэнтры Выганошчаў захаваліся абарончыя ўмацаванні часоў Першай сусветнай, і таму месца правядзення фестывалю абрана нездарма”, – зазначаюць арганізатары.
Пачатак мерапрыемства ў 12:00. Для тых, хто збіраецца дабірацца грамадскім транспартам, з Івацэвічаў пусцяць адмысловы аўтобус.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя