Выйшаў 1000-ы нумар газеты „Вольнае Глыбокае”



1000-ы нумар газеты “Вольнае Глыбокае” пабачыў свет. Яна заснаваная 25-ць год таму і выходзіць адзін раз на тыдзень. Рэдакцыя налічвае каля дзесяці супрацоўнікаў, большасць з якіх асвятляе жыццё мясцовай супольнасці, гісторыю Глыбоччыны ды іншых раёнаў Віцебшчыны.

Дваццаць год яе нязменны рэдактар і выдавец – Уладзімір Скрабатун. Па яго словах, самы росквіт газеты быў у 2005 годзе, калі яе наклад дасягаў 5000 экзэмпляраў. Але былі і нялёгкія часы, калі газету хацелі закрыць па ініцыятыве мясцовай “Белпошты”. Але, на дзіва, глыбоцкія ўлады не пайшлі на гэта.

Уладзімір Скрабатун распавядае пра місію газеты “Вольнае Глыбокае”:

– Многія казалі, што выданне газеты – гэта бізнес. Так, бізнес, але ў кожнай газеты ёсць яшчэ нейкая свая місія. У нас заўсёды была, ёсць і надалей будзе, калі нават сыдзем у інтэрнэт, папулярызацыя беларускай мовы і мясцовай гісторыі, так ужо склалася гістарычна.

Нагадаем, напачатку выданне “Вольнае Глыбокае” было зарэгістравана як орган Глыбоцкай суполкі БНФ. З цягам часу яно ператварылася ў прыватнае інфармацыйна-рэкламнае ўнітарнае прадпрыемства “Дарога на Вільню плюс”. Распаўсюджваецца газета ў асноўным на рынках і ў прыватных крамах. Наклад газеты складае 1200 асобнікаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя