Выйшаў альбом «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання. 10 гадоў змагання»
У Менску ў прасторы «Тэрыторыя правоў» адбылася прэзентацыя альбома «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання. 10 гадоў змагання».
Ён выйшаў з дапамогай дыпламатычнага прадстаўніцтва Швейцарыі ў Беларусі і шведскай ініцыятывы «За дэмакратыю і правы чалавека». Кажа адна з аўтарак альбома Паліна Сцепаненка.
– Змяшчае ў сабе 435 фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць дзейнасць кампаніі за 10 гадоў. Розныя грані кампаніі: гэта і арт-праекты, і сваякі расстраляных, і ўнікальныя здымкі з камер смяротнікаў, якія патрапілі да праваабаронцаў ад афіцыйнага тэлебачання нейкім такім цудам. Альбом выдадзены на 2 мовах – беларускай і ангельскай.
Акрамя фотаздымкаў, у альбоме ёсць і тэксты, якія апісваюць праблему з розных бакоў. Беларускія праваабаронцы кажуць, што дзякуючы шматлікім сустрэчам і фільмам, прысвечаным праблематыцы смяротнага пакарання, у Беларусі сотні людзей змянілі сваё стаўленне да пытання і сталі перакананымі праціўнікамі падобнай меры ў крымінальным заканадаўстве краіны.
Поўны гук у далучаным файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара