Выйшаў дапаможнік для СМІ „Як пісаць пра ЛГБТ”
Ініцыятыва „Журналісты за талерантнасць” прэзентавала ў Гародні сваю брашуру „Як пісаць пра ЛГБТ”.
Праз аналіз асноўных памылак, якія робяць журналісты ў беларускіх СМІ, прадстаўнікі ініцыятывы паказалі свой „дапаможнік па талерантнасці”.
Кожны з журналістаў, які мае такую брашуру, можа прайсці тэст, у якім паказана, якія словы можна, а якія нельга выкарыстоўваць пры напісанні артыкулаў па тэматыцы ЛГБТ кіруючыся нормамі журналісцкай этыкі.
Пра ініцыятыву распавядае гарадзенская журналістка Вольга Камягіна:
– Ініцыятыва „Журналісты за талерантнасць” была створана некалькі гадоў таму. Яна сабрала журналістаў, якім не вельмі падабаецца тое становішча рэчаў, якое мы цяпер назіраем у сродках масавай інфармацыі, а таксама тое, як апісваюцца розныя групы насельніцтва. Я не скажу, што яны патрабуюць адвакатуры, але ўсё ж трэба карэктна асвятляць гэта ў сродках СМІ. Журналісты з гэтай ініцыятывы праводзяць маніторынгі сродкаў масавай інфармацыі.
Гэты невялікі дапаможнік стаў першым, наступнымі будуць кніжкі пра міграцыю ды пра людзей з інваліднасцю.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня