Выйшаў мабільны вызначальнік птушак



Мабільны вызначальнік птушак выйшаў для беларускіх карыстальнікаў. Пра яго выхад падбала грамадская арганізацыя „Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

У выглядзе мабільнага прыкладання такая праграма з’явілася ўпершыню. Бо дагэтуль, дзеля вызначання птушак у палявых умовах неабходна было браць вызначальнік у папяровым выглядзе. Кажа Зьміцер Вінчэўскі,  гарадзенскі арнітолаг:

– Амаль усе значныя ў Беларусі віды зараз ёсць магчымасць вызначыць з дапамогай гэтага мабільнага прыкладання. І другая магчымасць – гэта паглядзець птушак на здымках, паслухаць галасы розных відаў і прачытаць пра асаблівасці іх жыцця, дзе іх можна сустрэць, калі, ці гэта рэдкая птушка, ці даволі распаўсюджаная. І знаходзячыся на прыродзе вы можаце не толькі паспрабаваць, але і напэўна вызначыць большасць відаў нашых птушак.

Мабільнае прыкладанне бясплатнае. Хаця вызначальнік расейскамоўны, назвы птушак дублююцца па-беларуску і лаціне. Вызначальнік птушак можна бясплатна спампаваць у Play Market.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня