Выйшаў на волю адзін з арганізатараў маршу недармаедаў у Гомелі
Каля 20 гомельцаў сустрэлі апазіцыянера Уладзіміра Кацору ля сценаў ізалятара.
Палітык правёў у зняволенні 12 сутак за арганізацыю першага „марша недармаедаў” ў Гомелі.
Па выхадзе з ізалятара Уладзімір Кацора заявіў, што цягам адбывання пакарання практычна не атрымліваў інфармацыі з волі:
– Любяць нас улады вельмі, – пажартаваў Уладзімір Кацора. – Мне сказалі: “Вы асобная катэгорыя”. Калі забіраў торбу пры выхадзе з ІЧУ, то аказалася, што там ляжаць лісты, паштоўкі, газеты, якія мне не перадавалі. Я спытаў чаму? На што атрымаў адказ: “А раптам там нешта сакрэтнае”. Такое адчуванне, што седзячы ў камеры зробім пераварот. Я магу толькі адно сказаць: “Верым, можам, пераможам”.
Прыстуныя, якія прыйшлі сустракаць Уладзіміра Кацору, таксама падхапілі гэтыя словы і пачалі скандаваць: “Верым, можам, пераможам”.
Паводле дадзеных праваабаронцаў, у гомельскім ізалятары дагэтуль знаходзіцца 12 грамадзянаў, пакараных за пратэсты супраць Дэкрэту №3.
Сярод іх – намеснік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, блогер Максім Філіповіч, праваабаронца Анатоль Паплаўны, фрылансер Андрэй Толчын і іншыя ўдзельнікі акцый пратэсту.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель