Выйшаў на волю гарадзенскі журналіст Эдвард Дмухоўскі
Журналіст, праваабаронца Эдвард Дмухоўскі вызвалены з Гарадзенскага ІЧУ.
У зняволенні ён прабыў 15 сутак за ўдзел у мітынгу на Дзень Канстытуцыі, які без узгаднення ўладаў жыхары правялі ў цэнтры Гародні.
Такі прысуд вынесла яму суддзя Ленінскага раённага суда Алена Пятрова. Пасля вызвалення Эдвард Дмухоўскі даў каментар нашаму радыё:
– Першы час перакідвалі з камеры ў камеру, але на шосты дзень супакоіліся і я ўжо даседжваў у адной камеры, у адрозненні ад Сяргея Верамеенкі, якога праз кожныя паўтары дні перакідвалі з адной камеры ў іншую. Умовы больш-менш зносныя, ёсць вада, была нават цёплая вада. Ёсць двухярусныя нары, цяпер не трэба спаць на дошках на падлозе.
Эдварда, як і папярэднікаў, міліцыя вызваліла на некалькі гадзін раней.
Але сябры арганізавалі дзяжурства каля ізалятара, каб не прапусціць яго вызвалення.
Сустрэць Эварда Дмухоўскага прыехаў актывіст Віталь Гуляк з Ваўкавыска:
– Сябра прыехаў сустракаць, ён выйшаў, чакалі, вялікая радасць, прыемна. Прыемна чытаць добрыя навіны, калі людзі выходзяць, увесь час вызваляюцца новыя. Гартаеш стужку Фэйсбука, кагосьці пасадзілі, суды, трансляцыі, стрымы, а калі чытаеш, што хтосьці выходзіць, то вельмі радасна, прыемна.
У нядзелю 9-га красавіка мае быць вызвалены Антон Вайцехаў, які 10 сутак арышту адседзеў у ізалятары часовага ўтрымання.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня