Выйшаў на волю сябра партыі БНФ з Ліды Валер Мінец



Пасля 10 сутак арышту выйшаў на волю сябра Партыі БНФ з Ліды Валер Мінец. Актывіст быў затрыманы ў мінулы аўторак і на наступны дзень асуджаны на адміністратыўны арышт. Падставай для затрымання стаў ягоны ўдзел у Маршы раззлаваных беларусаў, які адбыўся 17 лютага ў Менску. На самой справе Валер Мінец лічыць, што мэтай яго затрымання і арышту была каманда зверху, каб тым самым перашкодзіць яму прыняць удзел у святкаванні Дня волі ў Менску. Па словах актывіста, яго вельмі ўразіла тая салідарнасць, з якой паставіліся лідзяне да яго арышту.

— Гэтая сяброўская падтрымка вельмі-вельмі важная і вельмі патрэбная. Дзякую ўсім і кожнаму, хто гэтую падтрымку аказаў, хто клапаціўся, хто сёння прыйшоў сустрэць. Я ніяк не разлічваў на такую колькасць людзей. Гэта вельмі прыемна і чарговы раз гаворыць пра тое, што мы ўсё робім правільна і яскрава сведчыць, што яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. 

Да сценаў лідскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў сустрэць Валерыя Мінца прыйшлі каля двух дзясяткаў сяброў і паплечнікаў актывіста.

Дагэтуль, за сценамі ізалятара ў Лідзе застаецца яшчэ адзін грамадскі актывіст – Вітольд Ашурак. Яго вызваляць у панядзелак 3 красавіка, а 10 раніцы.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара