Выйшаў на волю яшчэ адзін палітвязень
На Берасцейшчыне чарговы палітвязень выйшаў на волю ў сувязі з цалкам адбытым тэрмінам пакарання. Гэта жыхар Ляхавіцкага раёна Генадзь Смірноў.

Палітвязню Генадзю Смірнову былі прад’яўленыя такія абвінавачванні як арт. 363 Крымінальнага кодэкса — Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак і арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Як сведчыла абвінавачванне, Генадзь Смірноў набыў улёткі дэструктыўнага характару. У сакавіку 2021 года разам з сынам Вячаславам Смірновым размясціў друкаваную прадукцыю з партрэтам Лукашэнкі на дошцы аб’яваў аўтобуснага прыпынку, на трансфарматарнай падстанцыі каля Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта і на металічнай апоры вулічнага асвятлення каля дома па вул. Гагарына, 9. Дадаткова быў абвінавачаны ў супраціве міліцыянтам. Сын быў адпраўлены на хімію, а Генадзю Смірнову – прысуджана два з паловай гады калоніі.
Беларускае Радыё Рацыя
