Выйшаў на волю журналіст Ігар Ільяш



Ігар Ільяш, палітычны аглядальнік польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь, 9 снежня выйшаў на волю пасля 15-сутачнага арышту, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў у сваім тэлеграм-канале.

Увечары 24 лістапада Ільяш перастаў выходзіць на сувязь і не з’явіўся на запланаваную сустрэчу. У кватэры, дзе ён жыве, брат журналіста знайшоў копію пратакола канфіскацыі камп’ютара і тэлефона, аднак на дакуменце не было відаць ні імёнаў, ні прычын, па якіх рабілася канфіскацыя тэхнікі. Пазней высветлілася, што Ільяш знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Менску.

На наступны дзень Ільяша асудзілі паводле арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Яго прызналі вінаватым у тым, што 26 кастрычніка з 13.50 да 14.00 ён быццам бы ўзяў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні на сталічнай плошчы Незалежнасці каля касцёла Святых Сымона і Алены. Журналіст віну не прызнаў і назваў абвінавачанне хлуснёй, паколькі ў той дзень знаходзіўся ў іншым месцы.

Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) стала фігуранткай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на „плошчы Перамен” у Менску 15 лістапада. Яна, як і затрыманая па гэтай жа справе аператар Дар’я Чульцова, 24 лістапада была прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітвязнем.

Ільяш і Андрэева — аўтары кнігі „Беларускі Данбас”, якая выйшла ў Кіеве. У яе аснову ляглі журналісцкія расследаванні аўтараў, прысвечаныя ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны.

У апошнія месяцы Ільяш актыўна каментаваў падзеі ў Беларусі ў сваім тэлеграм-канале, у сацыяльных сетках, а таксама ў якасці пастаяннага эксперта на расейскім тэлеканале „Дождь”.

БелаПАН