Выйшаў на волю журналіст Зміцер Лупач
У ноч з 14 жніўня на 15 жніўня з ізалятара часовага ўтрымання ў Глыбокім выйшаў журналіст, супрацоўнік тэлеканала “Белсат” Зміцер Лупач. Яго сустрэлі родныя, калегі і сябры.
Паводле Змітра Лупача, яго забраў з офіса рэдакцыі ў панядзелак маёр міліцыі Сяргей Цырбан у цывільным разам з яшчэ трыма міліцыянтамі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
– Сказалі, што стаяў і крычаў ”Жыве Беларуь!” і пляскаў у далоні. Хоць я стаяў, але не крычаў. Сказалі, што крычаў. Сведкамі былі два міліцыянты. Я суддзі сказаў, што я не крычаў, а іншыя крычалі. Але вы мяне судзіце пад гербам Рэспублікі Беларусь. А што ў гэтым такога – “Жыве Беларусь”?
Паводле Змітра Лупача, у пастарунку іх не білі і не зневажалі, адзінае, што выклікала дыскамфорт – у камеры было душна, і яго не выводзілі на двор на шпацыр. Таксама 11 жніўня памочнік пракурора ўручыў яму афіцыйнае папярэджанне. Паводле яго, калі ён трапіцца трэці раз у пастарунак, то ўжо будзе не адміністрацыйная справа, а крымінальная.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя