Выйшаў з ізалятара блогер Зміцер Гарбуноў



З ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця выпусцілі блогера і журналіста Зміцера Гарбунова.

Яго затрымалі напярэдадні акцыі пратэста з “Чыстымі аркушамі” і абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.

Пасля адбыцця 10 сутак Зміцер падзяліўся першымі ўраджаннямі на волі:

– Пратакол затрымання з’явіўся заднім чыслом, я так зразумеў. Я за яго распісаўся 4 траўня ўжо тут, ужо з пастановай суда і з суткамі. Кампанія даволі вясёлая, было што паслухаць, было цікава.

РР: Нейкую інфармацыю атрымлівалі?

– Не, ніякай.

Пасля выхаду Гарбунова з ізалятара часовага ўтрымання, каля брамы Ленінскага РАУС Берасця ў прысутных адбыўся канфлікт з міліцыяй.

Да журналіста Сяргея Пятрухіна падыйшоў супрацоўнік міліцыі і спрабаваў перашкаджаць выконваць прафесійныя абавязкі:

– У мяне не было канфлікту. Гэта ў яго канфлікт, хіба з самім сабой. Я не ведаю.

РР: Што ён ад вас хацеў?

– Яму не спадабалася, што я здымаю будынак міліцыі і асабіста яго. Ён прыходзіў і казаў мне, што пачынае супраць мяне крымінальную справу па Наталлі Папковай, па паклёпу.  

За кратамі застаўся яшчэ адзін фігурант справы з “Чыстымі аркушамі” – бярозаўскі фермер Аляксандр Кабанаў.

Ён анансаваў яе правядзенне, але быў затрыманы яшчэ напярэдадні акцыі. Выходзіць Кабанаў 12-га красавіка а 15:30.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара