Выйшаў з ізалятара бярозаўскі актывіст Аляксандр Кабанаў
Пасля 12 сутак арышту з ІЧУ Ленінскага раёна Берасця на волю выйшаў Аляксандр Кабанаў.
Фермер і грамадскі актывіст з Бярозы стаў апошнім вызваленым па справе акцыі “Чыстых аркушаў”, якая праходзіла ў Берасці 1 траўня.
Кажа Аляксандр Кабанаў:
– Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што будуць за мяне галасаваць. Я ім кажу: “Хлопцы, калі ў вас будзе рамонт, калі паставяць унітазы, зробяць нармальнае святло?”. “Будзеш дэпутатам, выдзеліш грошы”. “Так прыходзьце, галасуйце”. Страху няма ніякага, усё нармальна. Зараз дамоў ехаць, атрымаю па гарбе. Я сваю жонку баюся больш, чым усю міліцыю разам узятую.
Аднаго з лідараў пратэстаў супраць дэкрэта “аб дармаедстве” ў Берасці і вобласці затрымалі 1 траўня напярэдадні акцыі “Чыстых аркушоаў”.
Грамадскі актывіст анансаваў яе ў сацыяльных сетках, яна была накіравана на абарону правоў і грамадзянскіх свабод у Беларусі.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце