Выйшла на волю Наталля Раентава, якая ўкусіла амапаўца
Пасля адбыцця пакарання 29 траўня выйшла на волю Наталля Раентава, якую беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенай.
25 лютага суд Цэнтральнага раёна Менска прыгаварыў Раентаву да васьмі месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пракурор прасіла для яе два гады пазбаўлення волі.
Раентаву абвінавачвалі паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Справу разглядала суддзя Таццяна Акавітая.
Інцыдэнт адбыўся 29 жніўня мінулага года. Амапаўцы затрымалі брата і сястру Наталлю і Аляксандра Раентавых у тралейбусе пасля жаночага маршу салідарнасці. Пры затрыманні дзяўчына ўкусіла супрацоўніка АМАПа Андрэя Хоміча за сцягно. Відэазапіс затрымання шырока разышоўся па сацсетках і СМІ. Раентавых пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 і 15 сутак, але пазней у дачыненні да Наталлі Раентавай распачалі крымінальную справу.
Гематомы, якія атрымаў супрацоўнік АМАПа, аднеслі да цялесных пашкоджанняў, якія не прывялі да кароткачасовай страты здароўя і працаздольнасці. Хоміч звяртаўся ў шпіталь МУС, дзе яму зрабілі перавязку і адпусцілі. Свае маральныя пакуты пацярпелы ацаніў у 2.000 рублёў, бо, паводле яго слоў, пасля размяшчэння відэазапісаў пацярпелі яго блізкія. Суд прызначыў спагнаць гэтую суму з Раентавай на карысць пацярпелага.
Раентава віну не прызнала. У апошнім слове яна пагадзілася з тым, што ўкусіла пацярпелага, але заявіла, што зрабіла гэта ненаўмысна, знаходзячыся ў стане стрэсу і афекту, пра што сведчыць у тым ліку міжвольнае мочаспусканне. „Таксама прашу прыняць пад увагу, што я не маю ніякага дачынення да фактаў пагроз пацярпеламу. Я не напісала ніводнага слова пра гэта ў інтэрнэце, не дала ніводнага каментара медыя, нічога не напісала ні ў чатах, ні ў тэлеграм-каналах, ні ў каментарах да чаго-небудзь”, — адзначыла абвінавачваная.
Судова-псіхалагічная экспертыза паказала, што падчас укусу яна ў поўнай меры ўсведамляла свае дзеянні і не знаходзілася ў стане афекту.
Тэрмін пакарання вылічаўся з 29 верасня 2020 года.
Аляксандр Раентаў у снежні таксама быў затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Яму выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч. 2 арт 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў). 17 мая Раентаў рашэннем суда Фрунзенскага раёна (суддзя Андрэй Млечка) атрымаў пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такое ж пакаранне прасіла пракурор. Суд таксама задаволіў іск пацярпелага сілавіка Андрэя Святыша — 1 тыс. рублёў маральнай кампенсацыі.