Выйшла серыя паштовак прысвечаных палітвязням
Прадстаўнікі гарадзенскай крамы „Адметнасць” выпусцілі серыю паштовак, грошы з продажу якіх пойдуць на падтрымку палітзняволеных у Беларусі.
Пра паштоўкі распавядае грамадскі актывіст і ўладальнік „Адметнасці” Сяргей Верамеенка:
– У краме „Адметнасць” з’явіліся новыя паштоўкі – паштоўкі з выявамі палітвязняў, а таксама значных падзей. Паштоўкі можна атрымаць за сімвалічную суму, ахвяраваўшы на падтрымку нашых палітвязняў, а таксама іх родных. Прапануем усім прыходзіць выказваць сваю грамадзянскую падтрымку людзям.
Сяргей Верамеенка канстатуе, што ўжо цягам апошніх некалькі месяцаў у краме можна дапамагчы палітвязням Беларусі:
– Грошы збіраюцца пад ведамасць, кожны грамадзянін, каторы прыходзіць, можа пакінуць любую суму, ён распісваецца ў ведамасці. Таксама мы маем усе распіскі ад тых людзей, якія атрымліваюць беззваротную дапамогу з гэтых ахвяраванняў.
Гарадзенцы праз краму „Адметнасць” збіралі грошы на штрафы ўдзельнікам „Ланцугоў незалежнасці, а таксама палітзняволеным, што зараз знаходзяцца за кратамі па так званай „Справе Ціханоўскага”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча