Выйшла «Шэрая кніга – 2019»
Гэта ўжо 6-ты выпуск штогодніка, запачаткаванага віцебскімі праваабаронцамі ў 2012-м годзе.
Сама ж ініцыятыва з’явілася на год раней, кажа праваабаронца Леанід Свецік:
– Гэтае выданне называецца «Шэрая кніга. Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне». Гэта маніторынг правапарушэнняў і рэакцыя на гэтыя правапарушэнні – як праваабаронцы людзям дапамагаюць. Гэта і прысутнасць у судах, і дапамога ў складанні працэсуальных дакументаў, і падрыхтоўка індывідуальных скаргаў у Камітэт па правах чалавека.
Паводле праваабаронцаў, за апошнія 6-7 гадоў аніякага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў рэгіёне не назіраецца – на Віцебшчыне, як і ва ўсёй Беларусі, парушаюцца грамадзянскія і палітычныя правы. Больш за тое: падзеі апошніх гадоў паказалі, што ў грамадстве ёсць некалькі асабліва ўразлівых груп, дзе правы чалавека парушаюцца ўладамі перыядычна і нязменна, працягвае Леанід Свецік:
– Я вылучыў бы такія дзве групы, на якія ўлады пастаянна звяртаюць увагу ў адмоўным сэнсе. Першая група – гэта грамадскія актывісты. І ў 2018-2019-м гадах парушаліся правы на прафесійную і грамадска-палітычную дзейнасць, гэта другая група – журналісты і блогеры.
Аснову выдання «Шэрая кніга. Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне» складаюць публікацыі, якія былі размешчаны на праваабарончых сайтах, а таксама артыкулы, апублікаваныя на іншых інтэрнэт-рэсурсах. Пазнаёміцца са зместам новага выпуску можна на праваабарончым сайце «Віцебская вясна», дзе кніга выкладзена ў электронным выглядзе.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя