Выйшла з-пад арышту блогерка Алена Янушкоўская
Яе затрымалі напярэдадні асноўнага дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, абвінаваціўшы ў хуліганстве на выбарчым участку ў вёсцы Пестуніца, дзе жанчына акрэдытавалася назіральніцай. Яе не пускалі на ўчастак для галасавання, і пра ўсе падзеі блогерка распавядала ў сваіх стрымах. Падчас гэтых стрымаў з вясковай вуліцы яна парушала правілы дарожнага руху – так вырашылі міліцыянты.
З мінулай пятніцы Алена Янушкоўская знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання, і 10-га жніўня над ёй правялі суд. Там супраць яе выставілі яшчэ адно абвінавачанне, кажа блогерка:
– Яшчэ і рэпост у чаце з канала “Баста!” сабрацца разам і паглядзець, як нас шмат, у чаце “Страна для жизни”. Я лічу, што мяне прыбіралі з участка, каб заткнуць рот, бо я рабіла стрымы. І што такія людзі, як я, змагары, пойдуць адстойваць свае галасы, а за імі пойдуць іншыя.
Суд над Аленай Янушкоўскай распачаўся, але не завяршыўся, хаця яе выпусцілі з ІЧУ. Каля брамы яе сустракалі сябры і родныя – дачка і ўнучка. Жанчыну папярэдзілі, што судовы працэс будзе працягнуты 17-га жніўня. На яго выклічуць сакратарку ўчастковай камісіі, якая напісала скаргу на блогерку.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск