Выхад з кватэры, як выхад у космас, або Хлопец з Маларыты і яго персанальны ліфт



Кастусь Гардзіеўскі з дзяцінства перамяшчаецца на інвалідным вазку. Змагацца за вольны выхад з кватэры і свабоднае перамяшчэнне па роднай Маларыце ён пачаў яшчэ 10 гадоў таму.

Гісторыя распачалася у той час, калі Маларыта рыхтавалася да “Дажынак” – упарадкванне наша ўсё! Мінус безбар’ернасць. Сям’я Гардзіеўскіх жыве ў шматкватэрным гарадскім доме, і па законе інвалід-вазочнік мае права на ўстаноўку пад’ёмніка за сродкі раённага бюджэту. У тым выпадку, калі дом дзяржаўны і знаходзіцца на балансе ЖКГ. Дом Гардзіеўскіх – кааператыўны! І большасць суседзяў адмовіліся перайсці на баланс ЖКГ – гэта таксама законна.

Безбар’ернасць прыйшлося ствараць самастойна. Хлопец ашчаджаў грошы з пенсіі, адкрыў ІП, распачаў свой невялікі бізнес… Сёння даволі паспяхова займаецца продажам адзення сэканд-хэнд і камуфляжу – прадстаўнік нямецкай фірмы на прасторах СНД. Да таго ж ёсць сям’я і сябры, хоць Кастусь імкнецца быць максімальна самастойным і нікога сваімі праблемамі не турбуе.

Вернемся да гісторыі безбар’еркай. Спачатку мясцовы райвыканкам налічыў буйную суму за праект і пабудову пандуса (больш 5000 еўра ў эквіваленце!), а ў 2009 ужо адмовіў сям’і Гардзіеўскіх у фінансавай падтрымцы канчаткова. Маўляў, змагайцеся самі. Пабудаваць пандус не было магчымасці з-за камунікацый, якія ішлі вакол дома. Вазочнік быў вымушаны з дапамогай бацькі або сяброў спускацца па адкідных самаробных рэйках. Варта было штосьці вырашаць кардынальна. Кастусь зайшоў на сайт Гомельскага завода ліфтаў, потым звязаўся з прыватнай фірмай… Было шмат тэхнічных пытанняў, а грошай спатрэбілася яшчэ больш. Адзін толькі праект пад’ёмніка з экспертызай заважыў на 4000 беларускіх рублёў…

Сёлета Кастусь дзеліцца сваім паспяховым досведам з іншымі і кажа: усё магчыма! Ці плануе наша дзяржава прапанаваць сваім маламабільным грамадзянам нейкія льготныя ўмовы крэдытавання для стварэння безбар’ернасці? У тым выпадку, калі грамадзянін жыве ў прыватным доме або кватэры. Пытанне без адказу. Кастусь Гардзіеўскі плануе зарабляць грошы на электравазок і мікрааўтобус – для самастойнага перамяшчэння на далейшыя адлегласці. І тут лепш не падлічваць, колькі гадоў прыйдзецца ашчаджаць беларускую пенсію – сумная арыфметыка атрымаецца… Застаецца спадзявацца на ўдачу.

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя