Выкладчык Беларускага ўніверсітэта транспарту аспрэчыць сваё звальненне



Звольнены гомельскі выкладчык Яўген Малікаў збіраецца аспрэчваць сваё звальненне. Кандыдат мастацтвазнаўства застаўся без працы за ўдзел у акцыі пратэсту і допіс у сацыяльнай сетцы.

Кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту палічыла, што сваімі актыўнымі дзеяннямі Яўген Малікаў кепска ўплывае на выхаванне студэнтаў. Сам выкладчык гаворыць, што звернецца ў прафсаюз, куды ўсе 16 год працы ва ўніверсітэце плаціў унёскі:

– Я лічу, што прафсаюз павінен мне дапамагчы ў сувязі з несправядлівасцю, я б сказаў, нават глупствам: маім звальненнем. Таму што работа мне падабалася, яна была для мяне важнай. Хоць заробкі там былі невялікія, але мне вельмі падабалася працаваць са студэнтамі, мы вельмі шмат цікавых праектаў зрабілі для нашага горада, для нашай вобласці.

Яўген Малікаў – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт. З 2004 года працаваў у Беларускім універсітэце транспарту. У верасні гэтага года быў пакараны пяццю суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  vk.com