Выкладчык МДЛУ: Я ў гэтым універсітэце з 66-га года, і мне балюча, сорамна за тое, што адбываецца
Выкладчык МДЛУ падчас сустрэчы з рэктарам эмацыйна выказаўся пра тое, што ён думае аб бягучай сітуацыі ва ўніверсітэце. Відэа з’явілася ў сеціве 6 лістапада, на ім — загадчык кафедры замежнай літаратуры Юрый Стулаў.
— Калі ў краіне робіцца самавольства ў цэлым, то мы таксама вынік гэтага самавольства. Вы кажаце, які вам дарагі гэты ўніверсітэт. Я ў гэтым універсітэце з 66-га года, я ўклаў сюды вельмі шмат сіл, і мне балюча, сорамна за тое, што адбываецца! За тое, што ціхары ходзяць па ўніверсітэце. Я сам іх бачыў, яны высочвалі Наталлю Алегаўну (дацэнт Наталля Дуліна, якую затрымалі і судзілі па арт. 23.34 КаАП. — Заўвага. Рэд.). І яе забралі прама пры выхадзе з універсітэта. Гэта дапушчальна наогул у навучальнай установе? — пытаецца педагог.
Ён заявіў, што ўніверсітэт падтрымліваюць педагогі некаторых расійскіх і не толькі ВНУ. Паводле яго слоў, ёсць 140 подпісаў у знак салідарнасці ад прафесарскага складу гэтых ВНУ.
— Нам казалі пра тое, што мы, аказваецца, рэпутацыю МДЛУ падрываем. Не падрываем мы рэпутацыю тым, што мы пратэстуем супраць таго, што адбываецца. Не трэба заплюшчваць вочы, чаму гэта адбываецца. Людзі ўбачылі, што адбывалася з 9 па 11 жніўня. Потым яны ўбачылі, што зараз адбываецца, калі я баюся выйсці ў двор.
Чым скончыўся эмацыйны выступ педагога, невядома.