Выкладчыка Аляксандра Маісеева звольнілі за бел-чырвона-белыя шторы



1-га лютага даведаўся пра ўласнае звальненне Аляксандр Маісееў, асістэнт кафедры агульнай і  артапедычнай стаматалогіі Віцебскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта.

Афіцыйная прычына звальнення – прагулы, хаця тры працоўныя дні выкладчык прапусціў не па ўласнай волі. На 72 гадзіны да суду яго затрымалі міліцыянты, распавёў Аляксандр Маісееў: – Я трапіў у ізалятар часовага ўтрымання, калі з’явіўся па позве ў аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну. На мяне склалі пратакол па адміністрацыйным артыкула 23.34, бо ў мяне на акне віселі шторы белага і чырвонага колераў. З пратаколам я не пагадзіўся, бо немагчыма ж лічыць пікетам мае шторы! Гэта, напэўна, міліцыянтам не спадабалася, і на 72 гадзіны мяне змясцілі ў ІЧУ.

Пад вартай Аляксандр Маісееў прабыў ад серады да пятніцы, з 20-га па 22-га студзеня. Потым яго адпусцілі, прызначыўшы судовае разбіральніцтва на бліжэйшы панядзелак. Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў шторы атрыбутам несанкцыянаванага пікета і аштрафаваў выкладчыка на 8 базавых велічынь (232 рублі). Аляксандр Маісеў напісаў тлумачальную запіску, чаму ён быў вымушаны прапусціць 3 працоўныя дні. Але адміністрацыя медычнага ўніверсітэта паведаміла, што з 5-га лютага ён звольнены за прагулы, і запіс пра гэта будзе занесены ў ягоную працоўную кніжку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск