Выкладчыкаў Полацкага ўніверсітэта выклікалі ў пракуратуру пасля відэазвароту
У панядзелак выкладчыкі і супрацоўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта апублікавалі відэазварот да ўладаў і народу Беларусі. А на наступны дзень усіх запрасілі ў пракуратуру.
У відэа выкладчыкі патрабавалі свабодных і справядлівых выбараў, вызвалення нявінна асуджаных і затрыманых, пакарання за злачынствы супраць чалавечнасці.
«Славутыя землякі пакінулі нам запавет: жыві ў любові, жыві па праўдзе, жыві сумленна, барані Беларусь ад зла. Нас многа розных — Беларусь адна. Дзеля Радзімы будзем разам», — просяць яны ў звароце.
Усім, хто зняўся ў відэа і быў у цітрах (каля 20 чалавек), патэлефанавалі з дэканатаў, каб з’явіліся на сустрэчы ў пракуратуры. Кагосьці ў аўторак выклікалі ў Полацку, кагосьці ў Навопалацку.
«Была прафілактычная размова наконт таго, што так нельга рабіць. Выдалі папярэджанні аб тым, што распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая шкодзіць іміджу ўлады і дзяржаўных органаў, можа быць пераследавана па законе. Пужалі артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса, напрыклад. Але папярэджанне не ўсе падпісалі», — падзяліўся адзін з супрацоўнікаў.
У самым універсітэце з боку рэктарата ціску праз відэазварот не было.