Выкладчыкі МДЛУ патрабуюць аднавіць на вучобе студэнтаў
Ужо 79 выкладчыкаў МДЛУ падпісаліся пад адкрытым лістом да рэктара ВНУ Наталлі Лапцевай з просьбай аднавіць адлічаных студэнтаў (іх 14 і адна магістрантка), а таксама вярнуць на працу звольненых калег — Наталлю Дуліну, Ганну Аблову і Ксенію Каткову.
Выкладчыкі МДЛУ заклікалі ў сваім лісце спыніць звальненні супрацоўнікаў і адлічэнні студэнтаў універсітэта, спыніць усялякі ціск на прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнтаў, а таксама перастаць перашкаджаць у правядзенні мірных сходаў. Дадзенае права, заўважана ў лісце, гарантуецца арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сканы арыгіналаў звароту і подпісаў ёсць у рэдакцыі TUT.BY.
Акрамя гэтага падпісанты запатрабавалі аднавіць на пасадзе дацэнта кафедры італьянскай мовы Наталлю Дуліну, выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы Ганну Аблову і выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі перакладу №2 Ксенію Каткову, а таксама «старанна разабрацца ў наяўнасці аб’ектыўных прычын для звальнення выкладчыкаў».
У калектыўным звароце адзначана таксама, што адлічаныя студэнты і магістрантка зарэкамендавалі сябе як добрасумленныя і дысцыплінаваныя студэнты. З навучальным планам спраўляліся, сярэдні бал акадэмічнай паспяховасці — вышэй сярэдняга, запазычанасцяў па дысцыплінах не мелі, цяжкасцяў з вучобай не адчувалі.
Пад зваротам свае подпісы паставілі ў тым ліку прафесары кафедры замежнай літаратуры Марына Рагачоўская і Вольга Судлянкова, загадчык кафедры замежнай літаратуры Юрый Стулаў, загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму Сяргей Новікаў (уваходзіць у член савета МДЛУ), кандыдат філалагічных навук і дацэнт кафедры лексікалогіі англійскай мовы Міхаіл Драздоў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнага мовазнаўства Вольга Горыцкая і іншыя.
Выкладчыкі ўжо аддалі наяўныя подпісы і ліст у канцылярыю рэктара:
«Рэгістраваць іх не сталі: маўляў, гэта ўнутраны дакумент, з імі так рабіць нельга. На просьбу паставіць на нашым экзэмпляры хаця б адзнаку аб прыёме, сказалі проста напісаць дату і час» — паведаміла Дар’я Карповіч, выкладчыца кафедры другой замежнай мовы.
Далей у планах выкладчыкаў давесці колькасць подпісаў да 200, а таксама — падаць такі ж зварот у Міністэрства адукацыі.