Выклікаць у суд цяпер могуць па СМС і электроннай пошце



У студзені набылі моц папраўкі ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс. Цяпер «запрашэнне» ў суд па СМС ці электроннай пошце прыраўноўваецца да папяровай позвы.

«Для належнай арганізацыі правасуддзя ў сучасных умовах разумна і правільна ўжываць усе дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, — распавёў БелТА першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Калінковіч. — Гэта даступна для людзей і цягне сур’ёзнае скарачэнне судовых выдаткаў. Мы маем намер прымяняць гэтую навэлу ва ўсіх відах судаводства, прычым вельмі шырока».

Па словах Валерыя Калінковіча, суды паступова сыходзяць ад звыклай папяровай позвы, «якую паштальён носіць за нядбайным адказчыкам, а той хаваецца і не жадае яе атрымліваць».

Пры гэтым ставіцца да СМС ад суда трэба так жа сур’ёзна, як і да папяровай позвы.

«Ва ўсім цывілізаваным свеце да выкліку ў суд ставяцца вельмі сур’ёзна, і тыя, хто сумняецца, ці трэба ісці ў суд па СМС, хай больш не сумняюцца — трэба. Тым больш што такога віду паведамленні забяспечваюць зваротную сувязь. Суд ведае, атрымаў чалавек электроннае апавяшчэнне або не, а няяўка без паважных прычын у шэрагу выпадкаў сёння азначае аўтаматычны пройгрыш спрэчкі», — патлумачыў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда.