Выклікі ў міліцыю за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў па пошце копію пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, які быў складзены завочна. Дата суду над актывістам пакуль невядомая. Леаніда Кулакова абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 22 лютага.
Удзельнікі акцыі пратэставалі супраць прэзідэнцкага ўказу № 222, якім уводзіцца абавязковая сертыфікацыя тавараў, якім гандлююць дробныя прадпрымальнікі.
25 лютага грамадскі актывіст Павел Сяргей па месцы жыхарства ў Маладэчна атрымаў позву для складання пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Яго выклікалі ў Цэнтральны РУУС Менска. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», выклік можа быць звязаны з удзелам актывіста ў мітынгу прадпрымальнікаў 22 лютага. Актывіст адмовіўся ісці ў пастарунак.