Выкраў чалавека для працоўнай эксплуатацыі
Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Менскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 35-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, які абвінавачваецца ў выкраданні чалавека з мэтай працоўнай эксплуатацыі.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланог, абвінавачваны, пагражаючы фізічнай расправай, прымушаў мужчыну працаваць на яго прысядзібным участку і даглядаць жывёл.
30-гадовы пацярпелы, не маючы сталага заробку, пачаў падпрацоўваць у прадпрымальніка два гады таму. Праз некаторы час той стаў прымушаць мужчыну прыходзіць да яго працаваць бясплатна. Абвінавачаны прыязджаў да работніка дадому ў суседнюю вёску, збіваў, запалохваў, неаднаразова выкрадаў і сілком прывозіў да сябе на ўчастак у багажніках аўтамабіляў.
Некалькі разоў фігурант, прыгнятаючы волю пацярпелага, утрымліваў яго ўсю ноч у адрыне з дапамогай металічнага ланцуга з замком. Пры спробе адмовіцца ад выканання гаспадарчых работ мужчына збіваўся і выслухоўваў пагрозы.
Следствам дапытаныя сведкі, праведзеныя праверкі паказанняў на месцы, атрыманыя заключэнні судовых экспертыз.
Падчас праведзеных аглядаў і вобшукаў па месцы жыхарства фігуранта канфіскаваныя паляўнічая гладкаствольная зброя з боепрыпасамі да яе, дробнакаліберныя патроны і бляшанкі з порахам. Акрамя таго, знойдзены выкрадзены пашпарт пацярпелага.
Па выніках расследавання дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у ліку якіх наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, выкарыстанне рабскай працы, выкраданне чалавека, крадзеж пашпарта, незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.