Вымушаныя „рабінзоны” з Грушаўкі



У цэнтры Менску, у лічаных хвілінах хады ад станцыі метро “Грушаўка” ды ў км наўпрост ад Дома ўрада, стаяць каля дзесятка двухпавярховых драўляных жылых баракаў. Першыя пабудаваныя аж у 1936, іншыя пасля другой сусветнай. Сотні жыхароў дзесяцігоддзі чакаюць зносу і атрымання добраўпарадукаваных кватэр наўзамен. Балазе, насупраць узводзяцца 35-павярховыя хмрачосы. І змучаным чаканнем ды бытавымі нястачамі людзям сапраўды днямі сталі прапаноўваць… так званыя “БУ” – кватэры, што гадамі ўжо былі ва ўжытку. Да таго ж, на розных ускраінах горада.

Пажылая кабета Тамара, што працуе ў ЖЭСе, ад мяне даведваецца, што да канца года, паводле рашэння Маскоўскага райвыканкама, мусяць знесці пяць баракаў на іхных вуліцах Дзекабрыстаў і Папаніна. Махае рукой – маўляў, маю хаціну “зносяць” ужо тры гады:

– Нам прапануюць старое жытло, што дзялкі з фірмы “СтройСМманаліт” перакупляюць за “капейчыны” – скажам, у родных адзінокіх памерлых старых. Ці варта было пакутаваць дзесяцігоддзі, каб змяніць шыла на мыла?! Пры тым, што на нашых вачах на нашай зямлі ўзнікае прыгожае, сучаснае жытло з усімі дабротамі! Хай засяляюць нас у яго – такая практыка існуе з савецкіх часоў…

Былы вайсковец Міхась корпаецца ля ўласнага аўто:

– Фірмачы будуюць другую 35-павярхоўку, вывесілі ў адкрытую рэкламныя абвесткі пра продаж кватэр і офісаў у іх. А нас гоняць на ўскраіну, аж за Каменную Горку і Малінаўку, хоць наша Грушаўка у самым цэнтры!

Я патэлефанаваў ў памянёную “СтройСМманаліт”, дзе, здаецца, стала ясна, чаму пабудаваныя кватэры ў хмарачосах не аддаюць тутэйшым. Жаночы голас у адказ на мой запыт як набыць у іх двухпакаёўку з напорам тут жа “выдаў”:

-Самы маленькі памер у нас – 65,5 квадратных мэтраў, самы вялікі – 72. Мініўм 30% ад агульнага кошту мусіце ўнесці адразу. Кошт квадратнага мэтра – 1550 ДАЛЯРАЎ! Запланаваная здача – люты 2016.

Тым часам, жыццё ў бараках працягваецца – не дай божа, кожнаму. Кажа мне кіраўніца ўтворанай ініцыятыўнай групы ды галоўная перамоўніца з уладамі ад жыхароў Вераніка Рудніц:

– Дамы жахлівыя – трубы цякуць адусюль. Столі паправісалі аж да таго, што майстры з ЖЭСа прапанавалі ў мяне пасярод пакоя паставіць “стаяк”, каб яны як-небудзь пасярод начы не абрынуліся на галаву. Да ўсяго скразнякі, падлогі таксама пазагнівалі. Ваннаў няма, бадай, ні ў каго – мыюцца ў халоднае надвор’е з тазаў ля ўнітазаў. Адказны за працу з намі Суслянкоў з райвыканкама яшчэ паўтара года таму паабяцаў, што зменіць забудоўшчыка, калі не будзе адпавядаць нашым патрабаванням. Воз на месцы! Што ж да патрабаванняў лаўкі на вуліцы пафарбаваць, для дзяцей пляцоўку зрабіць, адказ – “вас зносяць…”

Падыходзіць Таццяна Наметава – суседка і сяброўка:

– 21 век на двары, а ў нас на Грушаўцы каменны. Затое плацім, як на маскоўскай Рублёўцы – па 750 тысяч за 53 квадратных мэтра, як у нас з маці – пры поўнай адсутнасці дабротаў!

Такім чынам, жыхары злашчасных баракаў лёсам ды ўладай умоўна падзеленыя на дзве незайздросныя катэгорыі. Тыя, хто ў аглядальнай будучыні так і застануцца ў непрыдатным жытле і хто мусяць пераехаць у праславутыя “БУ”. Усе пагражаюць падаць позвы ў суд. Хто – на ўлады, што не выконваюць абяцанні па зносу. Хто – на дзялкоў з фірмы “БудСМманаліт”, што мяняюць дзеля іх шыла на мыла.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара