Вынесены прысуд айцішніку, затрыманаму пасля атакі на самалёт у Мачулішчах



Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць апеляцыю на прысуд Дзмітрыю Маставому, айцішніку, якога затрымалі пасля атакі на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах. Пасяджэнне будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

На з’яўленне гэтай справы ў раскладзе суда звярнуў увагу рэсурс Reform.by.

Маставога абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, пісалі раней праваабаронцы. Суд над ім пачаўся 14 верасня. Яго асудзілі на 10 гадоў. Паводле артыкулаў, якія яму інкрымінавалі, Маставому пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Пра затрыманне Дзмітрыя стала вядома з прапагандысцкага фільма АНТ. У сюжэце гаварылася, што Маставы нібыта прапанаваў каналу „Беларускі Гаюн” зліваць інфармацыю пра аэрадром. Аўтары роліка сцвярджалі, што Дзмітрый таксама наладзіў відэатрансляцыю, якая вялася два тыдні.

Адміністратары „Беларускага Гаюна” пазней запэўнілі журналістаў, што Дзімтрый не ладзіў для іх трансляцыі.