Вынесены прысуд былому гендырэктару „Мілкавіты”



Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 13 студзеня вынес прысуд у дачыненні да былога генеральнага дырэктара ААТ „Мілкавіта” Сяргея Бабарыкі.

За здзяйсненне карупцыйнага злачынства — хабар у буйным памеры (7.500 долараў) — ён прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прадстаўнік пракуратуры ў спрэчках таксама прасіў суд пакараць Бабарыку пазбаўленнем волі тэрмінам на пяць гадоў. Прадстаўніка камерцыйнай фірмы „КормЖыўСэрвіс” Сяргея Мельнікава, які даваў хабар былому кіраўніку, пакаралі пазбаўленнем волі на тры з паловай гады.

На судзе Бабарыка цалкам прызнаў сваю віну, раскайваўся ў злачынстве, прасіў абраць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. „Гэта пляма на маёй біяграфіі, якую я буду змываць усё жыццё”, — сказаў у апошнім слове абвінавачваны.

Бабарыка быў знаёмы з хабарадавальнікам. Камерцыйнай структуры былі вінныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы за пастаўку ветэрынарных прэпаратаў. Гэтыя ж гаспадаркі былі ў дамоўных адносінах з „Мілкавітай”. Шляхам пераафармлення даўгоў дырэктар ААТ спрыяў камерцыйнай структуры атрымаць плату за пастаўлены тавар. Дзеянні кіраўніка „Мілкавіты” былі законнымі, аднак грашовая ўзнагарода была кваліфікаваная як хабар.

„КормЖыўСэрвіс” ужо неаднаразова трапляў у крымінальныя справы, звязаныя з хабарамі. У лютым 2019 году суд Савецкага раёна Гомеля разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да былога дырэктара ААТ „Магілёўскі мясакамбінат”, які абвінавачваўся ў хабары. Ён таксама прыняў „незаконную грашовую ўзнагароду” ад прадстаўніка фірмы „КормЖыўСэрвіс” — 2.100 долараў. Пасля суд прыгаварыў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Трапіў пад крымінальны пераслед за злачыннае супрацоўніцтва з „КормЖыўСэрвісам” таксама дырэктар агракамбіната „Паўднёвы” (Гомельскі раён). За хабар у 1.200 долараў ён атрымаў чатыры гады пазбаўлення волі.

Крымінальная справа была распачатая і ў дачыненні да былога начальніка Буда-Кашалёўскай ветэрынарнай станцыі, які абвінавачваўся ў атрыманні хабару ад „КормЖыўСэрвіса”.

БелаПАН