Вынікі акцыі 8 верасня



Пасля акцыі 8 верасня, акрамя Ніны Багінскай, была затрыманая Грэта Сабалеўская. Вольга Нікалайчык дагэтуль за кратамі.

Cпоўніўся тыдзень, як за кратамі знаходзіцца прэвентыўна затрыманая напярэдадні акцыі 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы Менска кінадакументаліст і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. Каардынатар форуму “Свабоду палітвязням”, сустаршыня БХД Павел Севярынец выступіў з заявай пра затрыманні, што былі не адзінкавымі пасля заканчэння мітынгу. Маўляў, шырокай грамадскасці вядома толькі пра затрыманне 69-гадовай Ніны Багінскай, у якой аднялі ўласнаручна сшыты 9-метровы бел-чырвона-белы сцяг. Менш вядома, кажа палітык, пра затрыманне пасля мітынгу Грэты Сабалеўскай каля метро на плошчы Якуба Коласа. Яна акурат трымала ў час акцыі памянёны сцяг-гігант.

Павел Севярынец: Улады баяцца, што не толькі падчас 8 верасня, але і вучэнняў “Захад-2017” яны здольныя не толькі на ўдзел, але і арганізацыю акцый пратэсту. І рэпрэсіі – дэманстрацыя таго, што так будзе з кожным, хто бароніць Беларусь і беларушчыну. Але  гэтыя мужныя жанчыны не здаюцца, нягледзячы на тое, што ў Ніны Багінскай і Волі Нікалайчык проста апісваюць маёмасць за гіганцкія штрафы, ладзяць гнусныя правакацыі – накшталт навешвання ўночы на дзверы аднапавярховай драўлянай хаты Вольгі амбарнага замка!

Грэту Сабалеўскую вызвалілі з пастарунка ў той жа дзень дзякуючы сведкам, што выклалі інфармацыю ў фэйсбуку. Вольга Нікалайчык папярэдне была асуджаная за акцыю 3 ліпеня на 10 сутак арышту.

Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота аўтара