Вынікі «чорнага панядзелку» у Гомелі
Праваабаронца Леанід Судаленка падсумаваў вынікі, як ён назваў «чорнага панядзелку» у Гомелі. Тут ў раённых судах разглядалі адміністрацыйныя справы ў дачыненні да затрыманых да і пасля чарговага «Марша недармаедаў», які прайшоў 25 сакавіка. За дзень актывістаў засудзілі на 44 суткі арыштаў і 40 базавых велічынь адміністрацыйных штрафаў. 13 чалавек сустрэлі Дзень Волі ў ізалятары часовага ўтрымання, а журналістам даюць буйныя штрафы, каментуе Леанід Судаленка.
– У краіне фактычна ўведзена надзвычайнае становішча. Людзей пазбаўляюць магчымасці не толькі прымаць удзел у мірных сходах, але і выказваць свае меркаванні. Паглядзіце як пераследуюць нашых журналістаў Ларысу Шчыракову і Кастуся Жукоўскага. Складзена па 6-7 пратаколаў на кожнага. Іх караюць буйнымі штрафамі. Як гэта можна вытрымаць?
У вечар панядзелка выйшаў на свабоду блогер Дзмітрый Сабураў, за ім рушыў услед актывіст прафсаюза РЭП Віктар Рубцоў, сёння ў Гомелі выходзіць на волю Уладзімір Няпомняшчых, а заўтра сваякі будуць сустракаць Уладзіміра Кацору.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксея Лапіцкага