Беларусь паглыбляецца ў песімізм (абноўлена)



Як паказвае майскае сацыялагічнае апытанне кампаніі SATIO, беларусы песімістычна ацэньваюць будучую эпідэміялагічную, сацыяльную і эканамічную сітуацыю. Вынікі даследавання прэзентавала акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова падчас анлайн-сустрэчы ў межах праекта «Адкрыты дыялог па эканамічных рэформах».

Страхі беларусаў звязаныя са збядненнем, беспрацоўем, курсам рубля, распаўсюду каронавіруса. Але ёсць і новыя трывогі, якія не паказвала красавіцкае апытанне. Так, частка беларусаў баіцца пратэстаў і акцый:

– Самыя значныя змены адбыліся з-за асцярогі таго, што пачнуцца мітынгі і пратэсты. Калі раней там у красавіку яна была незаўважна, у траўні – 11.7 амаль 12 адсоткаў насельніцтва адзначылі, што яны чакаюць таго, што пачнуцца мітынгі і пратэсты. Думаю, што ўсе мы разумеем, што гэта звязана з кампаніяй па зборы подпісаў. У траўні задавалі пытанне: ці знізіўся ваш прыбытак за апошні месяц. Амаль 49 % адказалі станоўча на гэтае пытанне, 73 % з іх чакаюць далейшага зніжэння.

Сітуацыю са зберажэннямі Кацярына Барнукова называе дэпрэсіўнай: 33% апытаных сказалі, што ў іх зберажэнняў хопіць менш чым на месяц, калі яны страцяць усе крыніцы даходу; 23% – што толькі на адзін месяц, толькі 7% апытаных заявілі аб наяўнасці зберажэнняў на паўгода або даўжэй.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

***

Жыхары Беларусі песімістычна ацэньваюць будучую эпідэміялагічную і эканамічную сітуацыю — гэта паказалі вынікі сацыялагічнага апытання.

Апытанне праводзілася 8—11 мая кампаніяй SATIO, у ім прынялі ўдзел каля тысячы рэспандэнтаў. 29 мая вынікі даследавання прадставіла акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова. Прэзентацыя адбылася падчас анлайн-сустрэчы ў рамках праекта „Адкрыты дыялог па эканамічных рэформах”.

„Падчас апытання многія заявілі, што ім давядзецца эканоміць, што сітуацыя з эпідэміяй будзе пагаршацца, людзі сутыкнуцца з беспрацоўем, зніжэннем даходаў. Досыць распаўсюджаныя страхі з нагоды курсу рубля”, — расказала Барнукова. У цэлым, дадала яна, у людзей вельмі песімістычныя настроі і чаканні як у дачыненні да эпідэміялагічнай сітуацыі, так і ў дачыненні да эканамічных перспектыў.

Падчас апытання рэспандэнтам задавалі пытанне, наколькі ў іх хопіць зберажэнняў у выпадку страты сродкаў для існавання. „Мы ўбачылі дастаткова дэпрэсіўную карціну. 33% апытаных сказалі, што ў іх зберажэнняў хопіць менш чым на месяц, калі яны страцяць усе крыніцы даходу. 23% апытаных сказалі, што зберажэнняў ім хопіць усяго на адзін месяц”, — адзначыла Барнукова. Паводле яе слоў, толькі 7% апытаных заявілі аб наяўнасці зберажэнняў, каб пратрымацца паўгода або даўжэй.

„Адпаведна, разлічваць на тое, што людзі змогуць проста пераседзець гэты крызіс, не прыходзіцца. У іх няма дастатковай колькасці зберажэнняў для існавання. Таму дзяржаве трэба дзейнічаць досыць хутка, каб падтрымаць уразлівыя слаі насельніцтва”, — падкрэсліла Барнукова.

Рэспандэнтам таксама было прапанавана адказаць на пытанне, якім чынам дзяржава можа падтрымаць людзей. „І мы ўбачылі, што людзі даюць зусім не тыя адказы, якія эканамісты раяць. Большасць апытаных (55%) сказалі, што трэба забараніць павышаць цэны на прадукты харчавання. Вядома, балюча глядзець на такія (нярынкавыя. — БелаПАН.) настроі насельніцтва”, — сказала Барнукова.

Акрамя таго, адзначыла яна, людзі просяць павысіць пенсіі, а бацькі з дзецьмі хацелі б бясплатнага харчавання і павышэння дзіцячых дапамог.

Дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык падчас прэзентацыі акцэнтаваў увагу на тым, што 53% гарадскіх жыхароў выступілі за зніжэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ.

„Гэта, вядома, цікавая мера, але дзяржава ўжо даволі доўга церпіць ад перакрыжаванага субсідавання. Таму мы даўно гаворым пра тое, што тарыфы трэба павышаць. Нам здаецца, што тарыфы на ЖКГ цяпер трэба захоўваць нязменнымі, а ў будучыні павышаць паступова”, — дадаў ён.

belapan.by

Фота mazyr.by