Вынікі выбараў даступныя толькі на працягу 10 дзён?
Генеральная пракуратура РБ адказала праваабаронцу з Баранавіч Сяргею Гоўшы, што патрабаваць вынікі выбараў у Баранавічах па ўчастках можна толькі на працягу 10 дзён пасля выбараў. Тэрмін даўно мінуў. Такі адказ Гоўша палічыў глупствам:
– Абсалютнае глупства, бо гэта не датычыць выбараў. Мы напісалі заяву, як грамадзяне горада, каб нам далі адкрытыя дадзеныя, а даваць не хочуць. Пры чым тут 10 дзён пасля выбараў? Вось такая наша сістэма – пракуратура і суды аднолькавыя.
11 грамадзян Баранавіч зацікавілі дадзеныя асобна па кожнаму выбарчаму ўчастку, калі даведаліся, што выніковы пратакол на адным з участкаў падроблены. На ўчастку быў адзін, а ў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі іншы, падроблены на карысць Аляксандра Лукашэнкі.
Гарвыканкам у Баранавічах, Берасцейскі аблвыканкам і абласная пракуратура адмовіліся даць такую інфармацыю. На іх думку, дастаткова агульнай інфармацыі.
Беларускае Радыё Рацыя