Вынікі „зачысткі” у Менску: больш 260 затрыманых
За вечар 27 жніўня ў Менску затрымалі на мірных акцыях больш 260 чалавек, паведамляюць праваабаронцы „Вясны”. Спіс пастаянна ўдакладняецца і папаўняецца.
Пераважная большасць затрыманых — хлопцы і мужчыны. Ужо другі дзень запар сілавікі амаль не затрымліваюць жанчын.
Сярод затрыманых — некалькі дзясяткаў журналістаў з беларускіх і замежных СМІ. Каля двух дзясяткаў журналістаў затрымалі на плошчы Свабоды, яшчэ каля дзясятка — на плошчы Незалежнасці. Вядома, што частку журналістаў ужо вызвалілі. Прэс-служба МУС паведаміла, што журналістаў даставілі ў РУУС, каб высветліць, ці законна яны працуюць.
Да Кастрычніцкага РУУС Мінска сёння ўвечары прыехала амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан.
У гэты пастарунак звозілі людзей, затрыманых на мірных акцыях пратэсту ў беларускай сталіцы. Сярод іх апынуўся і грамадзянін Швецыі Пол Хансэн. Менавіта да яго і прыязджала кіраўніца шведскай амбасады.
Беларускае Радыё Рацыя
фота мае ілюстрацыйны характар